ЗАНДЗІ́РАВАННЕ ЗЯМЛІ́,
вывучэнне наземных аб’ектаў на значнай адлегласці з паветра, космасу. Грунтуецца на выпрамяненні наземнымі аб’ектамі ўласнай энергіі або адлюстраванні сонечнага ці штучна накіраванага выпрамянення і іх рэгістрацыі апаратурай, якая бывае наземнай (у т.л. надводнай), паветранай, касмічнай. Размяшчаецца на самалётах, верталётах, аэрастатах, ракетах, штучных спадарожніках і інш. Аналіз спектральных характарыстык у розных дыяпазонах эл.-магн. выпрамянення дазваляе распазнаваць аб’екты і атрымаць інфармацыю пра іх памеры, шчыльнасць, хім. састаў, фіз. ўласцівасці і стан. Напр., для пошуку радыеактыўных руд і крыніц выкарыстоўваюць γ-дыяпазон, для вызначэння хім. саставу глеб і горных парод — ультрафіялетавую ч. спектра, для вывучэння глеб і расліннасці — светлавы дыяпазон, для ацэнкі т-р паверхні аб’ектаў — інфрачырвоны. Нясуць інфармацыю пра рэльеф паверхні, мінерал. састаў, вільготнасць, глыбінныя ўласцівасці прыродных утварэнняў і атм. слаі радыёхвалі. Гл. таксама Зандзіраванне атмасферы, Аэрафотаздымка, Аэраэлектраразведка, Касмічная здымка.
т. 6, с. 526
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)